У раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку зараз налічваецца 84 чалавекі, з іх 19 – інваліды першай групы. Гэта людзі з вельмі абмежаванымі магчымасцямі, якім не абысціся без увагі і падтрымкі з боку грамадства.

 З 15 кастрычніка па 15 лістапада праводзіцца месячнік “Чалавек з белым кіем”. Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, з якіх інваліды па зроку пайшлі на пенсію, накіраваны пісьмы з просьбай аказаць ім матэрыяльную дапамогу. Вельмі ўважліва паставіліся да гэтага, напрыклад, на малочнакансервавым камбінаце, у ПМК-75, некаторых іншых працоўных калектывах, дзе не раўнадушныя да чалавечай бяды, гатовыя не толькі паспачуваць словам, але і дапамагчы канкрэтнай справай. Застаецца толькі спадзявацца, што і на іншых прадпрыемствах, у арганізацыях знойдуць фінансавыя сродкі, каб дапамагчы інвалідам па зроку ў іх нялёгкім паўсядзённым жыцці. Міласэрнасць заўсёды была ўласцівая беларусам.

 У праграме месячніка “Чалавек з белай трасцінай” запланаваны разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку правядзенне круглага стала з удзелам прадстаўнікоў аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцы, аддзела па аздараўленню, ЛКУВП ЖКГ “Лепель”, дзяржаўтаінспекцыі.

 Вольга САКАЛОЎСКАЯ,
 старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”