Магчымасць унядзеньня дыстанцыйнага навучання ў сістэму сярэдняй адукацыі вывучаецца ў Беларусі
28.05.20100 просмотров
28 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Магчымасць унядзеньня дыстанцыйнага навучання ў сістэму агульнай сярэдняй адукацыі прапрацоўваецца ў Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі дацэнт, кандыдат фізіка-матэматычных навук Генадзь Пальчык. Ён прымае ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Педагагічныя інавацыі: традыцыі, вопыт, перспектывы" у Віцебску.
"Сучаснае асяроддзе характарызуецца значнымі інфармацыйнымі патокамі, таму пры арганізацыі адукацыйнага працэсу сёння неабходна выкарыстоўваць патэнцыял інфармацыйных рэсурсаў, якія валодаюць да таго ж высокай даступнасцю", - адзначыў Генадзь Пальчык. Так, цяпер ужо на эксперыментальным узроўні адпрацоўваецца магчымасць арганізацыі навучальнага працэсу ў школах з выкарыстаннем дыстанцыйных сродкаў навучання. Іншымі словамі, вучань, маючы доступ да камп'ютара ў школе ці дома, павінен атрымаць магчымасць выхаду ў інтэрактыўнае навучальнае асяроддзе, растлумачыў Генадзь Пальчык. Акрамя таго, спецыялісты інстытута актыўна працуюць над стварэннем нацыянальных макетных узораў электронных сродкаў навучання.
У Беларусі створана нацыянальная сістэма кнігавыдання, высокі метадычны і навуковы ўзровень якой ужо атрымаў прызнанне ў краінах СНД. "Цяпер мы пайшлі далей па шляху распрацоўкі інтэрактыўных сродкаў навучання, якія будуць суправаджаць наш нацыянальны адукацыйны стандарт", - сказаў Генадзь Пальчык. Гэта прадугледжвае стварэнне інфармацыйных матэрыялаў, электронных падручнікаў, інфармацыйных банкаў, віртуальных навучальных лабараторый.
Спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі ўжо распрацавалі каля 200 макетных узораў электронных сродкаў навучання, якія праходзяць апрабацыю і ўкараняюцца ў навучальны працэс. Навучальныя матэрыялы павінны быць цікавыя навучэнцам, а настаўнік павінен быць гатовы да выкарыстання такіх сродкаў навучання. З гэтага вынікае неабходнасць унядзеньня інавацый у сістэму падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі педагагічных кадраў, адзначыў Генадзь Пальчык. Распрацоўцы інавацыйных адукацыйных тэхналогій будзе прысвечана фундаментальнае даследаванне пад агульнай назвай "Інавацыйнае развіццё сістэм адукацыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства", якое плануе правесці Нацыянальны інстытут адукацыі ў 2011-2015 гадах.
На канферэнцыі вучоныя, выкладчыкі навучальных устаноў Расіі, Украіны, Польшчы, Кітая, прадстаўнікі ВНУ ўсіх рэгіёнаў Беларусі абмяркоўваюць інавацыйныя працэсы ў адукацыйнай сферы, тэхналогіі і методыкі арганізацыі інавацыйнай дзейнасці навучальных устаноў. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў навуковага форуму тэарэтычныя і метадалагічныя пытанні педагагічнай інаватыкі, праблемныя аспекты ўкаранення шматузроўневай сістэмы прафесійна-педагагічнай падрыхтоўкі, інавацыйнай культуры педагагічных кадраў.
Асноўнай мэтай канферэнцыі з'яўляецца асэнсаванне інавацыйных працэсаў, якія праходзяць у сістэме адукацыі краіны, абагульненне назапашанага вопыту для далейшага яго выкарыстання ў практыцы работы навучальных устаноў усіх тыпаў.
Арганізатарамі канферэнцыі выступаюць Міністэрства адукацыі Беларусі, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-
БЕЛТА