У Беларусі будзе распрацавана праграма развіцця рэгіянальных электронных СМІ
26.11.20100 праглядаў
26 лістапада, Салігорск /Вольга Швайко - БЕЛТА/. У Беларусі будзе распрацавана праграма развіцця рэгіянальных электронных СМІ. Аб гэтым паведаміў сёння міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі на выязным пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі, якое прайшло ў рэдакцыі Салігорскага тэлевізійнага канала, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах міністра, увага, якая ўдзялялася рэгіянальным электронным СМІ, будзе ўдзяляцца і ў наступным годзе. Ён адзначыў станоўчую тэндэнцыю - у рэспубліцы з'яўляецца ўсё больш добрых рэгіянальных тэлеканалаў, якія карыстаюцца вялікім аўтарытэтам у сваёй аўдыторыі, выпускаюць якасны праграмны прадукт. "Я думаю, што будзе мэтазгодным распрацаваць праграму развіцця электронных рэгіянальных СМІ, да прыкладу, на 2011-2013 гады", - сказаў Алег Праляскоўскі, дадаўшы, што ў міністэрстве чакаюць прапаноў па распрацоўцы дакумента ад прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ.
Як паведаміў начальнік упраўлення электронных сродкаў масавай інфармацыі Міністэрства інфармацыі Уладзімір Ядранцаў, у апошнія гады рэгіянальныя СМІ развіваліся дынамічна, важка заявілі аб сабе рэгіянальныя тэлеканалы. Па дадзеных на 1 лістапада, у Міністэрстве інфармацыі зарэгістравана 77 праграм тэлевяшчання, 55 з якіх - рэгіянальныя. Прычым 20 з іх - дзяржаўнай формы ўласнасці і 35 - недзяржаўнай. У параўнанні з мінулым годам колькасць праграм рэгіянальнага тэлевяшчання павялічылася на 6. Уласнае вяшчанне рэгіянальных тэлеканалаў складае ад 25% да 60% у іх агульным аб'ёме.
"Станоўчай тэндэнцыяй з'яўляецца не толькі павелічэнне кантэнту ўласнага вяшчання, але і выхад якаснага тэлевізійнага прадукту", - падкрэсліў Уладзімір Ядранцаў, дадаўшы, што праграмы многіх рэгіянальных тэлеканалаў могуць канкурыраваць з рэспубліканскімі. Пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца тое, што за 6 гадоў правядзення конкурсу "Тэлевяршыня" у ім прынялі ўдзел 50 рэгіянальных тэлестудый, многія з іх станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі. Разам з тым існуе шэраг нявырашаных пытанняў. У прыватнасці, неабходна вырашыць праблему, якая тычыцца высокіх ставак за падачу сігналу, асабліва ў пераходны перыяд, калі трэба будзе аплачваць лічбавае і аналагавае вяшчанне. "Пераход на лічбавае вяшчанне можа ўскладніць працу рэгіянальных тэлеканалаў, калі ён не будзе праходзіць з удзелам усіх зацікаўленых", - лічыць Уладзімір Ядранцаў. Да таго ж ёсць рэгіёны, якія яшчэ не гатовыя перайсці на "лічбу". Акрамя гэтага, не ўсе рэгіянальныя СМІ могуць вырабляць сапраўды якасны інфармацыйны прадукт, не хапае кадраў і сродкаў. "З мэтай павелічэння праграмнага кантэнту, паляпшэння якасці праграмнага прадукту мясцовыя органы ўлады павінны распрацаваць план канкрэтных мерапрыемстваў, узмацніць працу па падборы і падрыхтоўцы кадраў", - лічыць начальнік упраўлення міністэрства.
Была закранута на пасяджэнні і праблема рэгіянальнага радыёвяшчання. У прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні пераходу радыёвяшчання з праводнага на FM, змены часу выхаду ў эфір рэгіянальных радыёстудый і іншыя.
Кіраўнікі некаторых рэгіянальных тэлеканалаў выступілі з прапановамі аб тым, каб уключыць у праграму, якая будзе распрацавана, льготнае крэдытаванне, якое будзе прадастаўляцца такім тэлекампаніям на далейшае развіццё, напрыклад на закупку абсталявання. Акрамя таго, удзельнікамі мерапрыемства былі ўзняты пытанні, якія тычацца абмену перадачамі з іншымі тэлеканаламі, развіцця супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў і інш.Падводзячы вынікі працы калегіі, Алег Праляскоўскі адзначыў: "Усе праблемныя пытанні, якія прагучалі сёння, могуць быць вырашаны. Галоўнае, што гэта трэба людзям і вы выпускаеце якасны прадукт". Міністр яшчэ раз вярнуўся да пытання аб тым, што ў бліжэйшы час будзе распрацавана праграма развіцця электронных рэгіянальных СМІ. Ён нагадаў, што да 2015 года тэлебачанне пяройдзе на лічбавае вяшчанне і рэгіянальным тэлеканалам неабходна рыхтавацца да гэтага. Рэгіянальнае радыё таксама ўвойдзе ў праграму як паўнавартасны і паўнапраўны яе ўдзельнік.-0-
БЕЛТА