7 чэрвеня, Баку /Кар. БЕЛТА/. У трэці дзень свайго знаходжання ў Баку Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з азербайджанскім прэм'ер-міністрам Артурам Расі-задэ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Падчас сустрэчы кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што на цяперашнім этапе гандлёва-эканамічныя адносіны паміж краінамі развіваюцца дастаткова дынамічна, аднак у дзяржаў ёсць вялікі патэнцыял для значнага прасоўвання наперад у гэтым напрамку. Беларусь будзе ўзмацняць сваю прысутнасць у Азербайджане, накіроўваючы сюды сваіх спецыялістаў, і працаваць па тых перспектыўных напрамках, якія ўжо пачынаюць тут рэалізоўвацца. У Азербайджане функцыянуюць зборачныя і сумесныя прадпрыемствы, працуюць беларускія спецыялісты ў будаўнічай галіне. На думку Прэзідэнта, Беларусь можа рэалізаваць у Азербайджане праекты на $1 млрд. Паводле яго слоў, гэта цалкам пад сілу двум краінам. Ён таксама лічыць, што азербайджанцам ёсць што прапанаваць еўрапейскаму рынку, і падкрэсліў, што Азербайджан можа разлічваць у гэтым плане на Беларусь як пляцоўку для гандлю з Еўропай. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў вялікі ўклад у дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічных адносін міжурадавай беларуска-азербайджанскай камісіі. На яго думку, добра працуе ў Азербайджане і беларускае пасольства. "Уся палітыка павінна быць нацэлена на забеспячэнне эканамічнай стабільнасці ў адносінах, у гандлёва-эканамічным узаемадзеянні", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што адным з галоўных паказчыкаў працы пасольства з'яўляецца ўзровень узаемнага гандлю і інвестыцый. У гэты ж дзень кіраўнік беларускай дзяржавы наведаў Бакінскі славянскі ўніверсітэт. Тут Аляксандру Лукашэнку было прысвоена званне Ганаровага доктара гэтага ВНУ за заслугі ва ўмацаванні дружбы і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам, асабісты ўклад у развіццё сувязяў паміж народамі дзвюх краін. Выступаючы перад прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі Бакінскага славянскага ўніверсітэта, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што расцэньвае прысваенне гэтага звання як знак увагі і павагі да Беларусі, вялікі гонар для сябе асабіста і адначасова як стымул для далейшай працы па нарошчванні ўзаемавыгаднага партнёрства паміж дзвюма краінамі. Прэзідэнт падрабязна расказаў аб этапах станаўлення беларускай дзяржавы пасля распаду Савецкага Саюза, асноўных рысах беларускай мадэлі развіцця.