10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі адкрыліся дзевяць сельскіх цэнтраў грамадскага інтэрнэт-доступу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве сувязі і інфармаматызацыі. Праект "Арганізацыя цэнтраў грамадскага шырокапалоснага доступу з Інтэрнэт у сельскіх населеных пунктах Рэспублікі Беларусь" рэалізуецца Міністэрствам сувязі і інфармаматызацыі і Міжнародным саюзам электрасувязі. Цэнтры грамадскага доступу ў Інтэрнэт адкрыты ў вёсках Даўск (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці), Дзівін (Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці), Каралеўшчына (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці), Райцы (Талачынскі раён Віцебскай вобласці), Бароўка (Лепельскі раён Віцебскай вобласці), Холмеч (Рэчыцкі раён Гомельскай вобласці), Зяброўка (Гомельскі раён Гомельскай вобласці), Верцялішкі (Гродзенскі раён Гродзенскай вобласці) і Ціманава (Клімавіцкі раён Магілёўскай вобласці). У кожным цэнтры ўстаноўлена чатыры працоўныя месцы (адно з іх прызначана для адміністратара), падлучаныя да высакахуткаснага інтэрнэт-канала і абсталяваныя прынтарам, сканерам, вэб-камерамі і іншымі камунікацыйнымі прыладамі. Мэта міжнароднага праекта - забяспечыць сельскіх жыхароў магчымасцю выкарыстоўваць паслугі перадачы даных, электроннай камерцыі і інш. Сельскія жыхары атрымаюць магчымасць доступу да ўрадавай інфармацыі і інфармацыі мясцовай адміністрацыі, у тым ліку да звестак аб праграмах сацыяльнага забеспячэння, праграмах развіцця і публічных мерапрыемствах.-0-

БЕЛТА