Тэма 65-годдзя Перамогі стане лейтматывам VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур
27.05.20100 просмотров
27 мая, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Тэма 65-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне стане лейтматывам VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе ў Гродне 4-6 чэрвеня. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік міністра культуры Беларусі Тадэуш Стружэцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кожны фестываль нацыянальных культур, захоўваючы асноўныя традыцыі правядзення, набывае нейкія асаблівасці. Асаблівасць сёлетняга фестывалю заключаецца ў тым, што большасць яго мерапрыемстваў будзе прысвечана 65-годдзю Вялікай Перамогі. Тэма вайны і Перамогі будзе прасочвацца практычна ва ўсім", - адзначыў Тадэуш Стружэцкі.
Яшчэ адной асаблівасцю сёлетняга свята стане тое, што на фестывалі будуць працаваць 40 нацыянальных падворкаў, у той час як на мінулым фестывалі іх было 27. Значна пашырылася і праграма: пройдзе больш за 70 мерапрыемстваў, частка з іх - упершыню. Акрамя таго, плануецца ўдзел міжнародных і замежных дэлегацый, прадстаўнікоў пасольстваў розных краін у Беларусі, а таксама гарадоў-пабрацімаў Гродна.
Падчас правядзення фестывалю запланавана разгледзець прапанову аб яго ўступленні ў Міжнародную арганізацыю фестываляў, каб прыцягнуць яшчэ больш увагі Еўропы і ўсяго свету да гэтай унікальнай культурнай падзеі, прэзентаваць яе за мяжой. Ідэя правядзення фестывалю нацыянальных культур можа быць выкарыстана і іншымі краінамі. "Фестываль унікальны не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе. Мерапрыемствы такога фармату ў іншых краінах пакуль не праводзяцца", - сказаў намеснік міністра культуры.
Тадэуш Стружэцкі нагадаў, што адкрыццё VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур адбылося ў маі мінулага года ў Белдзяржфілармоніі. Абласныя гарадскія фестывалі, якія можна назваць адборачнымі турамі, прайшлі з кастрычніка па снежань 2009 года. З канцэртнымі праграмамі за гэты час выступілі больш за 2,5 тыс. чалавек, на заключныя мерапрыемствы ў Гродна рэспубліканскае журы запрасіла 792 прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, сярод якіх 74 калектывы і 122 асобныя выканаўцы. Падчас правядзення адборачных тураў праграмы падрыхтавалі прадстаўнікі нацыянальнасцей, якія раней не ўдзельнічалі ў фестывалі, - таджыкі, туркмены, туркі. І калі ў I Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур удзельнічалі прадстаўнікі 11 нацыянальнасцей, то ў гэтым годзе іх колькасць узрасла да 33.
Па словах намесніка міністра культуры, гэты фестываль прыжыўся менавіта ў Гродне, нягледзячы на тое, што ў першыя гады абмяркоўвалася магчымасць яго правядзення па чарзе ў розных абласных цэнтрах. "І ўсё ж мы пераканаліся, што менавіта ў Гродне існуе тое асяроддзе, якое можа найбольш поўна рэалізаваць яго ідэі. На гэта паўплывала шматнацыянальнасць гродзенскага насельніцтва", - растлумачыў Тадэвуш Стружэцкі.-0-
БЕЛТА