У мінулым годзе на аэрадроме былі праведзены два драг-рэйсінгі – гонкі па роўнаму пакрыццю на 250 метраў. Спаборніцтвы выклікалі цікавасць лепяльчан, многія прыходзілі паглядзець і пабалець цэлымі сем’ямі. Сёлета ж па розных прычынах лета і пачатак восені прайшлі без упадабаных відовішчаў, і толькі на другія выхадныя кастрычніка гонкі былі праведзены. Запрасілі акрамя лепельскіх гоншчыкаў, яшчэ аматараў хуткасцяў з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Оршы, нават Брэст адгукнуўся.
Адной з “фішак” мінулагодняга драг-рэйсінга сталі заезды магістральных цягачоў. Таму сёлета было вырашана адкрыць свята гэтым відовішчным элементам. На старт вырулілі “Рэно” і “МАСК” з расійскімі нумарамі. “МАСК” абагнаў “Рэно” з вялікай перавагай.
У мінулай гонцы клас LADA-1 быў прадстаўлены трыма аўтамабілямі ВАЗ, сёлета ж на трасу выехаў адзін, таму яго выставілі ў заезды разам з іншамаркамі. Вядома, ВАЗ “Фальксвагенам”, “Пежо”, “Рэно” і “Фіятам” сур’ёзнай канкурэнцыі скласці не змог.
З цікавасцю гледачы пазіралі на старую “Опель-Амегу” з Вялікага Поўсвіжа. Машына вялікая, меркавалі, хутка не разгоніцца. Якое ж было здзіўленне, калі “Амега” ўпэўнена абыйшла “Пежо-406”! Адным словам, нагодаў для здзіўлення ў той дзень хапала.
Сярод прафесіяналаў увесь п’едэстал гонару занялі прадстаўнікі Віцебска Аляксей Шандзюкоў на БМВ, Андрэй Шакала на “Міцубісі-Кольт” і Руслан Гарохаў на “Пежо-205”. Сярод аматараў лідзіраваў Дзмітрый Севярынаў на “Хондзе-Цывік”, другое месца заняў Аляксандр Ганчароў на “Пежо-205”, трэцяе дасталося Дзянісу Маладоўскаму, які ездзіў на “Нісане-Санні”. Усе трое таксама з Віцебска.
Акрамя ўласна гонак і высвятлення, чыя ж машына самая крутая, драг стаў пляцоўкай для сустрэч старых знаёмых, жывых размоваў. І гледачы, і гоншчыкі сышліся ў адзінай думцы, што драг-рэйсінг – выдатнае завяршэнне летняга гоначнага сезону.
Васіль МАТЫРКА