20 мая, Мінск /Лілія Крапіўная - БЕЛТА/. Тэрмін абарачэння іменных прыватызацыйных чэкаў "Маёмасць" прадоўжаны ў Беларусі па 30 чэрвеня 2013 года. Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў №749, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дзяржкаммаёмасці. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу з 1 ліпеня 2010 года. Адначасова прызнана страціўшай сілу пастанова Савета Міністраў Беларусі ад 29 чэрвеня 2007 года №852 "Аб тэрмінах абарачэння іменных прыватызацыйных чэкаў "Маёмасць", у адпаведнасці з якой чэкі "Маёмасць" знаходзяцца ў абарачэнні да 30 чэрвеня 2010 года. Як раней паведамлялася, правам атрымаць частку маёмасці за чэкі скарысталіся толькі 46% грамадзян, якія атрымалі гэтыя чэкі. У цэлым чэкі маюць 4,6 млн. грамадзян Беларусі. У той жа час 2 млн. беларусаў не пайшлі па чэкі і не атрымалі іх. Выдача чэкаў "Маёмасць" пачалася ў красавіку 1994 года. У першыя гады актыўна праходзілі абмены чэкаў на акцыі, ажыццяўляўся выкуп дзяржмаёмасці. З пачатку 2000-х гадоў тэмпы абмену запаволіліся. Некалькі актывізаваўся абмен у гэтым годзе з улікам таго, што працэс павінен быў завяршыцца 30 чэрвеня. Аднак, улічваючы ўнутраныя і знешнія (уплыў крызісу) фактары, дзяржава сёння не можа ўзяць на сябе абавязацельства па пагашэнні чэкаў "Маёмасць". А між тым заканадаўствам працэдура прадугледжвае ў дачыненні да невыкарыстаных чэкаў іх пагашэнне. Таму Дзяржкаммаёмасць ініцыявала прадаўжэнне тэрміну дзеяння і абарачэння чэкаў да 30 чэрвеня 2013 года.-0-

БЕЛТА