1 чэрвеня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які пройдзе 9-15 ліпеня, захавае традыцыйную структуру. Пра гэта расказаў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Казловіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Было выказана шмат меркаванняў наконт таго, якім павінен быць сёлетні фестываль. Паступілі прапановы аб яго радыкальным змяненні і аб захаванні класічнай структуры. У выніку арганізатары спыніліся на традыцыйнай структуры фестывалю: сем дзён працягласці, канцэрт-адкрыццё і канцэрт-закрыццё, выступленні майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны, дарослы і дзіцячы песенныя конкурсы, а таксама звыклыя кіно- і тэатральная праграмы", - сказаў Міхаіл Казловіч. Паводле яго слоў, гледачоў чакае яркае адкрыццё фестывалю, на якім з сольнымі канцэртамі выступяць Юрый Антонаў і Алена Ваенга. Плануецца таксама выступленне экс-саліста гурта Modern Talking Томаса Андэрса. Не абыдзецца і без сюрпрызаў: новымі праектамі фестывалю стануць канцэрт Нацыянальнага канцэртнага аркстра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга з удзелам Раймонда Паўлса і ноч выканаўцаў італьянскай эстрады. Што тычыцца тэатральнай праграмы, то яна будзе ўключаць выступленні калектываў з Масквы і Санкт-Пецярбурга, а на адкрытым паветры, па задумцы арганізатараў, Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі будзе пастаўлена п'еса Антона Чэхава "Чайка". Акрамя таго, сёлета запланавана ўручэнне спецыяльнай узнагароды беларускаму дзяржаўнаму ансамблю "Песняры". Менавіта таму тэма беларускага канцэрту ў межах фестывалю будзе перагукацца з музычнымі традыцыямі, закладзенымі Уладзімірам Мулявіным. На беларускім канцэрце ў тым ліку прагучаць кампазіцыі "Песняроў" у сучасных аранжыроўках моладзевых гуртоў, выступяць на ім і такія вядомыя калектывы, як "Харошкі", хор Цітовіча. Міхаіл Казловіч нагадаў, што ўжо вызначаны ўдзельнікі дарослага і дзіцячага песенных конкурсаў. Саліст Гомельскай абласной філармоніі Дзяніс Вершанка прадставіць Беларусь на IX Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2010". На VIII Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2010" пальму першынства будуць аспрэчваць дзве юныя спявачкі: салістка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна Злата Ларчанка (11 гадоў) і 9-гадовая вучаніца мінскай сярэдняй школы №201 Аня Зайцава.