На базе аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вось ужо не першы год паспяхова працуе камп’ютарны гурток “Паскаль” пад кіраўніцтвам Аляксея Шаўчэнкі. Маладыя людзі, якія ўваходзяць у склад раённых арганізацый ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”, “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, ахвотна наведваюць гурток, вучацца авалодваць камп’ютарам.
У рамках Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ўдзельнікі гуртка “Паскаль”, яго кіраўнік Аляксей Шаўчэнка, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Вольга Сакалоўская, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Алена Памяціха прынялі ўдзел у скайп-канферэнцыі, якая праходзіла на базе мультымедыйнага цэнтра Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы. Значную дапамогу ў арганізацыі скайп-канферэнцыі людзям з абмежаванымі магчымасцямі аказала бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Жарнасек.
Лепяльчане сталі ўдзельнікамі скайп-канферэнцыі разам з прадстаўнікамі інфармацыйнага цэнтра для людзей з абмежаванымі магчымасцямі расійскага горада Балахна. Лепяльчане расказалі аб сваёй рабоце, насычаным творчым жыцці, правядзенні фестывалю творчасці інвалідаў “Зорка надзеі”, удзеле ў раённых, абласных турыстычных злётах і г.д.
Нашы расійскія суседзі даведаліся аб творчых поспехах лепяльчан і ў сваю чаргу расказалі аб дзейнасці сваёй арганізацыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у прыватнасці, гуртка друкарскай справы. Увазе лепяльчан расіяне прадставілі кнігу аб гісторыі і сённяшнім жыцці г.Балахна.
Лепяльчане і расіяне дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве і паглыбленні творчых сувязяў.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ