2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэгістрацыя ўсіх інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт будзе ажыццяўляцца ў Беларусі бясплатна. Такая інфармацыя з'явілася сёння на афіцыйным сайце РУП "БелДІЭ", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Раней прадугледжвалася, што рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсаў будзе праводзіцца на платнай аснове. Памер платы за рэгістрацыю аднаго інтэрнэт-рэсурсу быў устаноўлены ў памеры Br16,8 тыс. (з улікам ПДВ).
Дзяржаўная рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсаў прадугледжана пастановай Савета Міністраў №644 ад 29 красавіка 2010 года "Аб некаторых пытаннях удасканалення выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт". Яна ажыццяўляецца па заяўным прынцыпе на падставе заявы на рэгістрацыю, якая падаецца пастаўшчыком інтэрнэт-паслуг. Працэдуру плануецца завяршыць да 1 ліпеня гэтага года. Пасля звесткі аб рэсурсах рэгіструючая арганізацыя павінна будзе перадаць у Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Беларусі.
Пастанова №644 прынята на выкананне ўказа №60 "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт" ад 1 лютага 2010 года, якім прадугледжана абавязак дзяржорганаў і дзяржаўных арганізацый размяшчаць інфармацыю аб сваёй дзейнасці на афіцыйных сайтах, забяспечваць іх эфектыўнае функцыянаванне і сістэматычнае абнаўленне. Інтэрнэт-карыстальнікі павінны свабодна і бязвыплатна атрымліваць інфармацыю аб рэжыме працы дзяржаўнага органа (іншай арганізацыі), паштовым адрасе, нумарах тэлефонаў яго даведачных службаў, парадку работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, аб ажыццяўляемых адміністрацыйных працэдурах і інш.-0-
БЕЛТА
Рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсаў у Беларусі будзе бясплатнай
02.06.20100 просмотров