Рэалізацыя праектаў з літоўскімі бізнесменамі звяжа Беларусь і Літву ў адзінае цэлае ў эканамічным плане – А.Лукашэнка
20.05.20100 просмотров
20 мая, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе літоўскаму бізнесу рэалізацыю перспектыўных праектаў, якія звяжуць дзве дзяржавы ў адзінае цэлае ў эканамічным плане. Аб гэтым заявіў сёння кіраўнік беларускай дзяржавы на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў Літоўскай Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы, вядома, будзем вам гаварыць, што ў нас вельмі спрыяльны клімат для інвестыцый, будзем вас агітаваць, але не гэта галоўнае. Галоўнае ў тым, што ў нас ёсць вельмі перспектыўныя праекты, якія звяжуць нашы дзяржавы ў адзінае цэлае ў эканамічным плане", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Я не стану хаваць, што мы без вас не можам абысціся ў плане транзіту на Балтыку і іншыя дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у апошні час праводзіць курс на дыверсіфікацыю знешнеэканамічнай дзейнасці, а таму Літва, таксама як і Латвія, і Украіна, з'яўляецца вельмі важным партнёрам. "Мы ў апошні час спрабуем дыверсіфікаваць, і не безвынікова, знешнеэканамічную дзейнасць. Мы гэтага не хаваем (што часам выклікае незразумела чаму раздражэнне ў нашых сяброў), што спрабуем адысці ад залежнасці ад адной дзяржавы па продажах, закупках і гэтак далей. Тым больш што часам гэта дзяржава, вам гэта добра знаёма, дзейнічае з пазіцыі сілы, як гэта было не аднойчы, - сказаў Прэзідэнт. - Таму мы не можам дазволіць сабе сядзець і чакаць манны нябеснай, нейкага прыхільнага стаўлення з боку адной ці дзвюх дзяржаў. Мы пачынаем шукаць і іншыя шляхі супрацоўніцтва".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускі бок можа прапанаваць Літве "праекты, ад якіх практычна нікуды не дзенешся, таму што калі ад іх адмовіцца - сабе на шкоду".
Аляксандр Лукашэнка лічыць эфектыўнай выбудаваную ў краіне мадэль супрацоўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў з прыватнымі замежнымі партнёрамі. Прыкладам такога паспяховага супрацоўніцтва кіраўнік дзяржавы назваў дзейнасць Беларускай калійнай кампаніі. "Вы можаце спакойна ставіцца да таго, калі вам прапануюць праект, дзе з нашага боку будзе дзяржаўнае прадпрыемства, - сказаў ён, звяртаючыся да літоўскіх бізнесменаў. - У нас усе прадпрыемствы акцыянаваны. Не выключаю, што вы ці нейкі іншы партнёр можаце купіць пакет акцый і яно стане прыватным". Аднак Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за бясцэнак ніводнае прадпрыемства прададзена не будзе. "Не заўсёды нашым пэўным партнёрам на Усходзе гэта падабаецца, яны хацелі б практычна любое прадпрыемства ў нас атрымаць. Мы не супраць. Плаціце грошы. Але як да грошай даходзіць..." - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі сацыяльна арыентаваная эканоміка, а таму ад інвестараў патрабуецца таксама некаторая клопат аб людзях, якія працуюць на прадпрыемствах. "Я заўсёды прапаную любому інвестару ўзяць у кіраванне на 2-3 гады прадпрыемства і паказаць, што вы здольныя сапраўды ім кіраваць", - сказаў ён. "Вы можаце ў мяне спытаць, наколькі дзяржава ўмешваецца ў эканамічную палітыку ўнутры. Настолькі, наколькі дзяржава на гэта здольная", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гатовы па кожным праекце, які прапануюць літоўскія бізнесмены, прымаць рашэнні, каб падтрымаць яго, абараніць ад залішніх бюракратычных затрымак. "Калі ў вас ёсць цікавасць у Беларусі - прыязджайце, давайце пачынаць працаваць. Я гарантую галоўнае: вы тут нічога не страціце з прычыны нашай неразваротлівасці, расхлябанасці і іншага", - адзначыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што літоўскі бізнес прысутнічае на тэрыторыі Беларусі, ад яго ідуць немалыя інвестыцыі. "Людзей вы гэтых ведаеце. І калі яны будуць вам казаць "дрэнна", вы ўсё ж такі паспрабуйце сустрэцца і пагаварыць і з нашымі людзьмі", - сказаў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка таксама гарантаваў спрыяльныя ўмовы працы для абавязковых інвестараў, якія прыйшлі ў нашу краіну з сур'ёзнымі намерамі.-0-
БЕЛТА