Летась на Лепельшчыне адбылося 42 пажары, што на два меней, чым было ў папярэднім годзе. Аднак, на жаль, мінулагодняе бязлітаснае полымя пазбавіла жыцця дзевяць чалавек, што на чатыры болей, чым у 2010 годзе. Прытым праведзены ўсебаковы аналіз прычын узгаранняў сведчыць аб тым, што большасць людзей трагічна загінулі ў вогненнай стыхіі перш за ўсё з-за крайне неасцярожнага абыходжання з агнём іх саміх, паколькі яны знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення і пры гэтым вельмі неабачліва курылі тытунь.

Асаблівае ж няшчасце, якое перыядычна прыносяць пажары – гэта гібель на іх дзяцей. Такое гора нельга перадаць словамі, яно бязмежнае, невымяральнае. І, што самае сумнае, звычайна гэта – трагічны вынік безадказных адносін да сваіх абавязкаў перш за ўсё дарослых людзей – маці або бацькі, якія пакідаюць дзяцей дома адных, без усялякага нагляду. Малалеткі ж выпадкова знаходзяць запалкі, пачынаюць сваволіць з агнём, ставяць пад пагрозу знішчэння не толькі маёмасць у доме, але і сваё асабістае жыццё. Не стала выключэннем з гэтага “д’ябальскага” правіла і трагічнае здарэнне, якое адбылося 25 студзеня бягучага года ў вёсцы Вялікае Сяло Шаркаўшчынскага раёна. Пажар, які ўзнік тут у доме мясцовай жыхаркі Вольгі Казлоўскай з-за дзіцячага свавольства з агнём, хутка ахапіў ўсю драўляную пабудову, прывёў да абрушэння будаўнічых канструкцый. Не выратаў становішча і аператыўны прыезд на месца надзвычайнага здарэння мясцовых ратавальнікаў, узброеных усёй неабходнай тэхнікай, іх эфектыўныя дзеянні па лакалізацыі раз’юшанага полымя. На дымным папялішчы, сярод драўляных рэшткаў, якія пакінуў пасля сябе бязлітасны агонь, былі знойдзены без усялякіх прыкмет жыцця целы двух чатырохгадовых дзяцей – Валянціна і Рыгора.

Няхай гэты трагічны выпадак стане апошнім папярэджаннем для тых, хто недаацэньвае рэальную небяспеку, якая ўзнікае ў выпадку пакідання малалетак дома зусім адных, без нагляду дарослых і не прымае належных мер па захоўванню запалак у недаступных для дзяцей месцах.

Валянцін ЛАВЕЦ,
намеснік начальніка РАНС