4 кастрычніка, Лепель /Уласн. інф./. Яркай падзеяй пад час святкавання Дня нараджэння горада стала ўзнагароджанне юных лепяльчан, імёнамі якіх ганарыцца Лепельшчына.
Гучаць шчырыя апладысменты гледачоў, бадзёрыя воклічы родных, сяброў, а юныя, жыццярадасныя, мэтанакіраваныя хлопцы і дзяўчаты адзін за адным выходзяць на сцэну. Старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян ад душы віншуе іх і выказвае найлепшыя пажаданні. Які хвалюючы і прыемны момант! Выпускніца сярэдняй школы № 1 Марыя Галінская штогод станавілася пераможцай раённых алімпіяд па фізіцы, стала пераможцай абласной і ўдзельніцай рэспубліканскай алімпіяд па хіміі. Глыбокія веды па фізіцы і хіміі, якія Маша атрымала ў час навучання ў школе, вельмі спатрэбіліся ёй у набыцці будучай прафесіі. Дзяўчына вучыцца на стаматалагічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Выпускніца сярэдняй школы № 1 Дар’я Ясная ў свой час стала пераможцай абласной і ўдзельніцай рэспубліканскай алімпіяд па працоўнаму навучанню. Акрамя таго, Дар’я прыняла ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі, была неаднаразовай пераможцай раённых конкурсаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дзяўчына вырашыла стаць дызайнерам, зараз набывае веды ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Вучань 11 “ А” класа Бароўскай сярэдняй школы Радзіён Мадатаў на працягу некалькіх год займаў прызавыя месцы на раённых алімпіядах па геаграфіі і гісторыі, узнагароджаны Дыпломам другой ступені на абласной алімпіядзе і стаў удзельнікам рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі.
Можна толькі захапляцца бясконцай творчай энергіяй, натхненнем і працавітасцю Яны Барынавай. Дзяўчынка вучыцца ў пятым класе сярэдняй школы № 1, актыўна ўдзельнічае ў міжнародных прадметных алімпіядах і конкурсах. Яна -- салістка эстраднай студыі “Калядачкі” Цэнтра дзіцячай творчасці, пераможца раённага і абласнога конкурсаў “Прывітанне, свет!”. Да таго ж юная артыстка стала лаўрэатам другой ступені сёмага міжнароднага фестывалю юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі” і іншых творчых конкурсаў. Паспяхова ідзе да сваёй мэты Ганна Галавіна, якая займалася ва ўзорнай дзіцяча-юнацкай студыі “Цінэйджар” Цэнтра дзіцячай творчасці. Фільмы Ані пакінулі шмат яркіх уражанняў у гледачоў у час Трэцяга рэспубліканскага конкурсу дзіцячых і маладзёжных відэафільмаў “Тэрыторыя творчасці” на Нацыянальным тэлевізійным конкурсе “Тэлевяршыня”, у фінале рэспубліканскага конкурсу відэафільмаў “Радзіма мая дарагая”, міжнародным фестывалі дзіцячага і маладзёжнага відэа “Крыштальны бусел”. Пасля дзесяці класаў сярэдняй школы № 3 Ганна скончыла Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі, зараз працуе ў гарадскім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь і завочна набывае веды ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці “інфармацыйныя тэхналогіі”. Лепельшчына ганарыцца імем выпускніка студыі дзіцячага тэлебачання “Цінэйджар” цэнтра дзіцячай творчасці Валянціна Шкіранды, які са сваімі рэпартажамі, сюжэтамі і фільмамі паспяхова прымаў удзел у абласным конкурсе дзіцячых і маладзёжных сродкаў масавай інфармацыі “Слова за намі!”, конкурсе “Скарбонка талентаў” і міжнародным фестывалі “Крыштальны бусел”. Валянцін скончыў сярэднюю школу № 3 і зараз вучыцца на другім курсе Лепельскага дзяржаўнага парфесійнага ліцэя, дзе набывае спецыяльнасці вадзіцеля і слесара.
Пад шчырыя апладысменты гледачоў на сцэну была запрошана таксама Анастасія Карпусенка, вучаніца сёмага класа тэатральнага аддзялення Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Анастасія -- лаўрэат рэспубліканскага этапу міжнароднага конкурсу “Чароўны куфэрак”, фестывалю тэатральнага мастацтва “Ціпся-2010”,
абласных фестываляў і святаў тэатральнага мастацтва, конкурсу юных паэтаў і кампазітараў. Сёлета Анастасія зарэгістравала свае аўтарскія правы ў жанры паэзіі і музычнай кампазіцыі ў Рэспубліканскім Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці па навуцы і тэхналогіям. Шматлікім прыхільнікам мастацтва добра вядомае імя Яны Стрэльчанкі. Дзяўчынка вучыцца ў чацвёртым класе сярэдняй школы № 3, але, нягледзячы на свой юны ўзрост, ужо праславіла Лепельшчыну не толькі ў вобласці, рэспубліцы, а і за яе межамі. Яна на выдатна вучыцца на фартэпіянным і харэаграфічным аддзяленнях дзіцячай школы мастацтваў, стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Ружа вятроў Беларусі”, чацвёртага адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў “Шаную цябе, Беларусь”, міжнароднага конкурсу “Кубак Еўропы”, сёмага міжнароднага фестывалю юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі” і г.д.
Мы ганарымся поспехамі юных лепяльчан і ад душы жадаем: “Няхай па жыцці вам спадарожнічае толькі поспех і здзейсняцца ўсе запаветныя мары!”
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках:
юныя лепяльчане Яна Стрэльчанка, Анастасія Карпусенка і Яна Барынава; Валянцін Шкіранда, Ганна Галавіна і Радзіён Мадатаў.
Фота аўтара.