З пачаткам восені ў вучняў і настаўнікаў пачынаецца новае жыццё, яно выходзіць на новы круг, калі дзеці падрастаюць, а дарослыя ўзбагачаюцца вопытам, жыццёвай мудрасцю, і ўсе разам глядзяць наперад з надзеяй.
Школьнае свята
З пачаткам восені ў вучняў і настаўнікаў пачынаецца новае жыццё, яно выходзіць на новы круг, калі дзеці падрастаюць, а дарослыя ўзбагачаюцца вопытам, жыццёвай мудрасцю, і ўсе разам глядзяць наперад з надзеяй.
Суботні дзень у Старалядненскай сярэдняй школе выдаўся асабліва клопатным і турботным, але тыя турботы былі радасныя – пачынаўся новы навучальны год. Дзеці з букетамі кветак па аднаму, парамі, гаманкімі чародамі спяшаліся на школьны двор.
Сёлета школа прыняла значнае папаўненне, пасля расфарміравання Забароўскай сярэдняй школы ў Старое Лядна будуць прыязджаць больш за 20 вучняў.
Прыняла школа і папаўненне першакласнікаў. Праўда, сёлета першы клас нешматлікі, толькі чатыры вучні. Цімафей Кантрыбуц, Алёна Красілава, Карына Царова і Эльвіра Арынахіна ўпершыню апранулі школьную форму. Іх першай настаўніцай стала Алена Уладзіміраўна Малеева -– вопытны педагог, працуе ў школе больш за 20 гадоў.
Урачыстая лінейка праходзіла ў галоўным корпусе школы. Тут сабраліся школьнікі, педагогі, бацькі. Было сказана шмат цёплых слоў, віншаванняў, вучні чыталі вершы, а дарослыя ўспаміналі, як калісьці самі вось так жа стаялі, хваляваліся і пры гэтым адчувалі падтрымку сваіх бацькоў.
Пасля афіцыйнай часткі дзеці разышліся па класах. Першакласнікам трэба было бліжэй пазнаёміцца з сябрамі па класе, з настаўніцай.
Школа добра падрыхтавана да новага навучальнага года, у чым немалая заслуга педагагічнага калектыву на чале з дырэктарам Людмілай Васюк. Свежая фарба на падлозе, мэбля, абноўленыя вучэбныя матэрыялы – прыкметы хуткага пачатку вучобы.
А дванаццатай гадзіне дзеці разыходзіліся дахаты. Вядома, часам вучыцца бывае і цяжка, але разам з тым нішто не заменіць цікавасці пазнання і радасці ад сяброўства.
С. БАЗЫЛЬ.