Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Святланы Анышка наведала калектыў Цэнтра банкаўскіх паслуг № 206 ААТ “Белпрамбудбанк” БПС Ашчадбанк”.
У час свайго выступлення перад прысутнымі Святлана Дзмітрыеўна адзначыла, што 2012 год у Віцебскай вобласці аб’яўлены годам аховы здароўя. Сёлета значная колькасць сродкаў раённага бюджэту накіроўваецца на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя. У мінулым годзе зроблена нямала. 350 мільёнаў рублёў выдзелена на мадэрнізацыю інфекцыйнага аддзялення ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”, праведзены рамонт у аперацыйнай, некалькіх палатах гінекалагічнага аддзялення, тут жа заменены вокны і дзверы.
Аб рабоце гандлёвых прадпрыемстваў расказала ў сваім выступленні галоўны эканаміст Лепельскага райспажыўтаварыства Тамара Дуж. З выступлення галоўнага інжынера КУВП ЖКГ “Лепель” Віктара Шалаева прысутныя даведаліся аб дзейнасці прадпрыемства па добраўпарадкаванню, пракладцы цепласетак на гарадскіх вуліцах і іншых работах. Аб арганізацыі работы па пажарнай бяспецы расказаў інспектар прапаганды Лепельскага РАНС Аляксандр Іспянкоў. Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Іназемцава распавяла аб асаблівасцях налічэння пенсій. Аб развіцці інтэрактыўнага тэлебачання ў раёне, выкарыстанні перспектыўных тэхналогій расказаў у сваім выступленні намеснік начальніка раённага вузла электрычнай сувязі Ігар Саламаха. Намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце цэнтральнай раённай бальніцы Людміла Ханяк расказала аб развіцці медыцынскага абслугоўвання нашага раёна.
Пасля выступлення прадстаўнікоў усіх служб работнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг звярнуліся да інфарматараў з хвалюючымі пытаннямі. Першае з іх гучала так:
- Чаму бацькі выхаванцаў дзіцячага сада № 6 вымушаны набываць для ўжывання дзецьмі бутыляваную ваду ў магазінах? Няўжо гэта пытанне немагчыма вырашыць іншым чынам?
Адказала намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце ўстановы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” Людміла Ханяк:
-- З мэтай прафілактыкі ротавірусных інфекцый, іншых захворванняў у дзяцей медыцынскія спецыялісты рэкамендуюць дашкольным установам выкарыстоўваць менавіта кіпячоную або бутыляваную ваду. Адміністрацыяй дзіцячага сада № 6 прынята рашэнне выкарыстоўваць для ўжывання дзецьмі бутыляванай вады. Бацькі выхаванцаў павінны быць аб гэтым праінфармаваны.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ