Маршрут аўтамарафону да Дня памяці ахвяр СНІДу пройдзе па сямі гарадах Беларусі
13.5.20110 праглядаў
13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскі маладзёжны аўтамарафон, прысвечаны Сусветнаму дню памяці ахвяр СНІДу, пройдзе ў Беларусі 16-20 мая. Маршрут уключае сем гарадоў: Мінск, Жыровічы, Баранавічы, Салігорск, Светлагорск, Магілёў і Оршу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА каардынатар аўтамарафону Віталь Ніканавіч.
Аўтамарафон праводзіцца ў адпаведнасці з праектам "Пашырэнне правоў і магчымасцей маладых людзей, уразлівых да ВІЧ, і прадухіленне стыгматызацыі і дыскрымінацыі людзей, закранутых эпідэміяй", які рэалізуюць РГА "Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА" і Бюро ЮНЕСКА ў Маскве. Актыўны ўдзел у аўтамарафоне прымаюць прадстаўнікі міжнароднай сеткі Y-PEER у Беларусі. Мерапрыемствы марафону падтрымліваюцца праектам "Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Беларусі - 2", які фінансуецца Глабальным фондам для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй (ГФ).
Літаральна са старту аўтамарафону маладыя людзі пачнуць ствараць рэзалюцыю "Моладзь будучыні". Маладыя жыхары кожнага горада, уключанага ў маршрут, упішуць у яе свой абзац. Акрамя таго, будзе дадзены старт маладзёжнай акцыі "Apple маршрут".
"Арганізацыя аўтапрабегу - вынік пошуку нестандартных рашэнняў паўсядзённых задач. Гэта, з аднаго боку, прыцягне ўвагу моладзі да праблемы распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі. З іншага боку, спецыялісты, якія працуюць з моладдзю, пазнаёмяцца з новымі формамі і метадамі прафілактычнай работы, - адзначыў Віталь Ніканавіч. - Лепшыя практыкі прафілактычнай работы лягуць у аснову спецыяльнага зборніка, які будзе выдадзены па выніках аўтамарафону".
Старт марафону будзе дадзены ў Мінскім прафесійна-тэхнічным каледжы гандлю. Затым удзельнікі працягнуць працу ў Жыровіцкім аграрна-тэхнічным каледжы (Гродзенская вобласць), увечары будзе адслужана ліція (малітва аб нябожчыках) у Жыровіцкім Свята-Успенскім саборы.
Другі дзень аўтамарафону (17 мая) будзе прысвечаны вывучэнню ролі інфармацыйных тэхналогій у прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. У гэты дзень мерапрыемствы пройдуць у Баранавіцкім каледжы імя В.Е.Чарнышова (Брэсцкая вобласць) і ў Салігорскім прафесійна-тэхнічным каледжы (Мінская вобласць).
18 мая ўдзельнікі ўдзеляць увагу тэме асвятлення праблемы ВІЧ/СНІДу ў сродках масавай інфармацыі. У гэты дзень мерапрыемствы пройдуць у Светлагорскім індустрыяльным каледжы (Гомельская вобласць). Запланавана наведванне мясцовых ВІЧ-сэрвісных арганізацый: "Рэальны свет" і Рэсурснага цэнтра для моладзі па праблеме ВІЧ/СНІДу.
Магчымасці тэатральнага мастацтва ў прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі абмяркуюць 19 мая. Мерапрыемствы пройдуць у Магілёўскім эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы, пасля чаго працягнецца знаёмства з ВІЧ-сэрвіснымі арганізацыямі: Магілёўскім жаночым цэнтрам падтрымкі і самаадукацыі, а таксама клубам ЮНЕСКА "Кантакт".
Апошні дзень аўтамарафону будзе прысвечаны ўдзелу і ролі моладзі ў прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. Мерапрыемствы пройдуць у Аршанскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы №110 будаўнікоў (Віцебская вобласць), а фінішуюць на базе Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа гандлю.
БЕЛТА