Вытворцы самай рознай прамысловай прадукцыі зараз актыўна шукаюць бліжэйшыя шляхі да спажыўцоў. Развіваецца сетка фірменнага гандлю, праз якую пакупнікі па сабекошце могуць набыць неабходныя ім тавары. У адным з прасторных памяшканняў адміністрацыйнага корпуса электрамеханічнага завода адкрыўся магазін рознічнага продажу тавараў народнага спажывання, якія вырабляюцца на прадпрыемстве. Уваход сюды свабодны для любога наведвальніка.
Пакупнікоў уражвае сучаснае афармленне гандлёвай залы, утульнае і зручнае для агляду размяшчэнне тавараў, выдатнае электрычнае асвятленне,пануючыя паўсюдна чысціня і парадак.
Унутры гандлёвай кропкі напаткаў пакупніцу – рабочую філіяла “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” Галіну Дук.
-- Знаёмлюся з асартыментам прадстаўленых тавараў, -- паведаміла яна. – Зацікавіў двухспальны ложак, які каштуе ўсяго 684 тысячы рублёў.
Прыцэньваюся да выстаўленага на продаж адносна недарагога “кутка школьніка”, у камплект якога ўваходзяць камп’ютарны стол, шафа для кніг, навясныя паліцы і іншыя прыстасаванні, якія займаюць невялікую плошчу пры размяшчэнні ў жылым пакоі і вельмі зручныя для выкарыстання.
-- Паколькі без камп’ютара зараз нельга ўявіць сучасную кватэру або дом, у нашай гандлёвай кропцы прадстаўлены такія вырабы не толькі для школьнікаў, але і для дарослых, -- дадала прадавец магазіна Наталля Седзіна. – У нас можна купіць і прыгожую шафу для захоўвання адзення і бялізны, абедзенны стол, тумбу пад тэлевізар, табурэткі розных памераў. Дарэчы, прымаюцца заяўкі на выраб мэблі нават па чарцяжах заказчыкаў.
Шмат маецца і дробязных рэчаў, без якіх тым не менш бывае вельмі цяжка абысціся ў хатняй гаспадарцы: падстаўкі для кветак, раздзелачныя дошкі, хлебніцы і г. д.
-- Буйнагабарытныя рэчы можам па просьбе пакупніка даставіць дадому транспартам прадпрыемства, -- адзначыў начальнік аддзела кіравання якасцю, маркетынгу, продажу і тэхнічнага сэрвісу электрамеханічнага завода Андрэй Каротчык. – Зразумела, што гэта можна зрабіць толькі ў дні, калі працуе прадпрыемства.
Мікалай ГАРБАЧОЎ
На здымку: пакупніца ўважліва знаёміцца з асартыментам прадстаўленых у магазіне тавараў.
Фота аўтара