3 чэрвеня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Конкурс "Лепшы менеджэр па якасці" ў 2010 годзе абвешчаны ў Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржстандарта. Такі конкурс праводзіцца пяты раз і арганізаваны ў рамках дзяржаўнай праграмы "Якасць" на 2007-2010 гады. Яго мэта - садзейнічанне павышэнню канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі на ўнутраным і знешнім рынках, павышэнне аўтарытэту кіраўнікоў і спецыялістаў у галіне менеджменту якасці (мэнэджараў па якасці) і іміджу арганізацыі. Праз гэты конкурс прапагандуецца перадавы вопыт у галіне менеджменту якасці і сістэмнага менеджменту, што садзейнічае яго ўкараненню сярод арганізацый Беларусі. Ён закліканы ўцягнуць шырокае кола кіраўнікоў і спецыялістаў у працу па выкарыстанні сучасных форм і метадаў менеджменту якасці, прыцягнуць іх увагу да падрыхтоўкі персаналу ў галіне менеджменту якасці і сістэмнага менеджменту, павысіць імідж прафесіі мэнэджара па якасці. Прымаць удзел у конкурсе могуць спецыялісты або кіраўнікі службаў сістэмы менеджменту якасці арганізацый і прадпрыемстваў Беларусі ўсіх форм уласнасці. Яны павінны мець значныя вынікі ў галіне менеджменту якасці на прадпрыемстве і займацца гэтай працай не менш за тры гады. абавязковай умовай з'яўляецца наяўнасць сертыфікаванай сістэмы менеджменту якасці ў арганізацыі, якую прадстаўляе ўдзельнік. Паўторны ўдзел у конкурсе дапускаецца не раней чым праз тры гады. Конкурс праводзіцца па намінацыях у залежнасці ад напрамку дзейнасці арганізацыі і колькасці працаўнікоў у ёй: арганізацыі сферы вытворчасці да 500 чалавек; да 1 тыс. чалавек; да 5 тыс.; звыш 5 тыс.. Таксама ёсць намінацыі для арганізацый сферы паслуг да 100 чалавек і больш за 100 чалавек. Арганізацыя, якая прадстаўляе свайго мэнэджара па якасці для ўдзелу ў конкурсе, павінна падаць да 1 верасня 2010 года ў сакратарыят конкурснай камісіі заяўку і камплект устаноўленых дакументаў.