Сярод вучняў сярэдніх школ нашага раёна нямала актыўных, мэтанакіраваных хлопцаў і дзяўчат, якія займаюць прызавыя месцы ў раённых, абласных алімпіядах, прымаюць удзел у шматлікіх конкурсах, мерапрыемствах і сваёй энергіяй зараджаюць акружаючых. Урачыстае ўручэнне пашпартаў лепшым вучням школ стала добрай традыцыяй. Гэта мерапрыемства кожны год праходзіць у актавай зале раённага Дома культуры па ініцыятыве аддзела па справах моладзі райвыканкама, раённага камітэта ГА “БРСМ” і кожны раз пакідае ў моладзі шмат яркіх уражанняў.

 Так адбылося і сёлета. З цёплым прывітаннем да моладзі звярнуліся вядучыя мерапрыемства - сёлетнія выпускнікі гімназіі імя І.Ерашова Вераніка Міхайлава і Мікіта Пішчулёнак. Прагучаў дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

 Пад шчырыя апладысменты прысутных намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін уручыў пашпарты вучням гімназіі імя І.Ерашова. Галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь атрымалі пераможца абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў Алена Карпіцкая, неаднаразовы ўдзельнік абласных алімпіяд па фізіцы і геаграфіі Арцём Пятрышчаў, які да таго ж выдатна грае на флейце і з’яўляецца ўдзельнікам узорнага аркестра духавых інструментаў дзіцячай школы мастацтваў.

 Аб тым, наколькі важны і неабходны пашпарт для кожнага грамадзяніна нашай краіны, адзначыў у сваім выступленні старшы інспектар аддзялення па грамадзянству і міграцыі Лепельскага РАУС Васіль Сільвановіч. Разам з найлепшымі словамі віншаванняў Васіль Андрэевіч уручыў пашпарты вучням сярэдняй школы № 1.

 Свае шчырыя пажаданні са сцэны выказаў пятнаццацігадовым юнакам і дзяўчатам старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Сяргей Крывель. Сяргей Мікалаевіч уручыў пашпарты вучням сярэдняй школы № 3.

 Для кожнага з маладых грамадзян падрыхтавала памятны падарунак ад імя РК ГА “БРСМ” выконваючая абавязкі першага сакратара арганізацыі Таццяна Шчэрбач.

 Са сцэны падзялілася сваімі ўражаннямі, выказала равеснікам шчырыя пажаданні Алена Карпіцкая. Яна падарыла гледачам свой музычны падарунак. Яркімі выступленнямі парадавалі гледачоў таксама ўдзельніца занальнага адборачнага тура фестывалю “Песні юнацтва нашых бацькоў” Крысціна Церашкова, вядомыя мясцовыя выканаўцы Дзяніс Аблавушка і Наталля Мацюш.

 Па добрай традыцыі вучні гімназіі, усіх гарадскіх школ сфатаграфаваліся на памяць разам з гасцямі мерапрыемства.

 Стаяць на сцэне жыццярадасныя, актыўныя маладыя грамадзяне нашай краіны. Ім выпаў гонар ствараць будучыню, і няхай кожны з іх абавязкова знойдзе сваю дарогу!

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ, фота аўтара

На здымку: намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін уручае пашпарт маладому грамадзяніну.