4 кастрычніка, Лепель /Уласн. інф./. На чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў, што адбыўся ў Бухарэсце (Румынія), лепяльчанін, майстар спорту Аляксандр Берсанаў – выхаванец Лепельскага філіяла спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву “Спорт-Альянс” абласнога спартыўнага клуба прафсаюзаў (трэнер Анатоль Суворын), дасягнуў вельмі высокага спартыўнага выніку -- заваяваў бронзавы медаль. У вагавай катэгорыі да 85 кілаграмаў Аляксандр у штуршку падняў штангу вагой 191 кілаграм, а ў рыўку – 153. Прытым у штуршку ён паказаў сярод усіх 35-ці сапернікаў, што прадстаўлялі самыя розныя краіны Еўропы, трэці вынік, за што быў узнагароджаны малым бронзавым медалём, а ў рыўку заняў другое месца – стаў уладальнікам малога сярэбранага медаля. У выніку па суме двух відаў яму прысудзілі прызавое трэцяе месца – гэта добры задзел на будучыню для далейшых спартыўных дасягненняў не толькі еўрапейскага, але і сусветнага ўзроўняў.
З задавальненнем успрынялі радасную вестку аб удалым выступленні Аляксандра Берсанава на кантынентальным чэмпіянаце былыя яго аднакласнікі з сярэдняй школы № 1, а таксама маці, Валянціна Яўгенаўна.
Аляксандр вучыцца ў Віцебскай абласной школе вышэйшага спартыўнага майстэрства. Хаця ў апошнія месяцы большую частку свайго часу праводзіць у Стайках на алімпійскай спартыўнай базе, паколькі ўваходзіць у склад Нацыянальнай зборнай нашай краіны па цяжкай атлетыцы. Трэніруецца пад кіраўніцтвам старшага трэнера зборнай Беларусі Віктара Шаршукова.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: Аляксандр Берсанаў.
Фота аўтара.