Дзякуючы талентам людзей Беларусь здольная заняць лідзіруючыя пазіцыі ў свеце - А.Лукашэнка
24.05.20100 просмотров
24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падтрымка адоранай моладзі з'яўляецца ў Беларусі справай дзяржаўнай важнасці і прызначана для ўсіх дзяцей, у якіх цяпліцца іскра творчага агню - незалежна ад дастатку і сацыяльнага статусу іх бацькоў. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Палацы Рэспублікі з навучэнцамі - пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатамі спецфондаў кіраўніка дзяржавы па падтрымцы адораных студэнтаў і таленавітай моладзі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"Ствараючы нашу маладую суверэнную дзяржаву, выпрацоўваючы сваю арыгінальную мадэль развіцця, мы абапіраліся і абапіраемся на духоўныя сілы і творчы патэнцыял беларускага народа, яго здольнасці, інтэлект і працавітасць, - сказаў Прэзідэнт. - Нявычарпальная скарбніца талентаў - вось сапраўднае беларускае багацце, галоўны рэсурс, дзякуючы якому наша краіна рана ці позна зойме лідзіруючыя пазіцыі ў свеце".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі ўдалося захаваць і развіць агульнадаступную сетку гімназій і ліцэяў, школ мастацтваў, гурткоў, студый і самадзейных калектываў. Масавы характар набыў алімпіядны рух. Моладзь годна прадстаўляе Беларусь на міжнародных інтэлектуальных і творчых спаборніцтвах, выстаўках і конкурсах па ўсіх відах мастацтва.
Раскрыццю патэнцыялу моладзі спрыяе дзейнасць спецыяльных фондаў кіраўніка дзяржавы, якія былі створаны неўзабаве пасля абрання Аляксандра Лукашэнкі Прэзідэнтам у 1994 годзе. За 15 гадоў лаўрэатамі і стыпендыятамі прэзідэнцкіх спецфондаў сталі больш за 22 тыс. маладых людзей, педагогаў і творчых калектываў. "Знайшоўшы талент, мы не выпускаем яго з-пад увагі, а дапамагаем дасягнуць тых вышынь дасканаласці, якія закладзены прыродай", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Нямногія краіны могуць сказаць, што ведаюць усіх сваіх таленавітых дзяцей паіменна. А ў Беларусі створаны спецыяльныя банкі даных адоранай і таленавітай моладзі. І попыт на людзей, якія значацца ў гэтых банках даных, велізарны", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Вам дадзены ўсе магчымасці для асобаснага росту і ўдасканалення ў любімай справе. Галоўнае - правільна распарадзіцца імі, не зарыць беспадстаўна свае таленты ў зямлю, а паспяхова рэалізаваць іх на Радзіме і з карысцю для грамадства", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Калі ж вы захочаце рэалізаваць сябе за мяжой на карысць сваёй Радзімы - я таксама супраць не буду", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў маладых людзей з завяршэннем навучальнага года і пажадаў ім здароўя, натхнення, поспехаў у вучобе, працы і творчасці. Аляксандр Лукашэнка ўручыў юнакам і дзяўчатам пасведчанні, пасведчанні і нагрудныя знакі лаўрэатаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.-0-
БЕЛТА