21 мая, Браслаў /Сяргей Кочетов - БЕЛТА/. У бліжэйшыя гады аўтаралі ў Беларусі атрымае актыўнае развіццё. Пра гэта заявіў старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ генерал-маёр Анатоль Сцепук сёння на адкрыцці міжнароднага ралі "Славянскі кубак" у Браславе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ДТСААФ культывуе развіццё 19 авіяцыйна-тэхнічных відаў спорту. Аўтаралі з'яўляецца адной з найбольш відовішчных дысцыплін. Для беларускага аўтаспорту правядзенне міжнароднага ралі ў Браславе - значная падзея, якая адкрывае шырокія перспектывы. Гонка ўнесена ў афіцыйны каляндар Міжнароднай федэрацыі аўтаспорту. Акрамя таго, упершыню ў Беларусі праводзіцца трэці этап адкрытага чэмпіянату Расіі па ралі адначасова з адным з этапаў беларускага ралійнага чэмпіянату. Правядзенне спаборніцтваў на Віцебшчыне не выпадкова, бо вобласць з'яўляецца прызнаным цэнтрам аўтаспорту ў Беларусі. Тут праводзяцца нацыянальныя чэмпіянаты па аўтаралі, аўтакросе, джып-трыяле. Браслаўская траса знакаміта першакласнымі ралійнымі ўчасткамі - хуткаснымі і тэхнічнымі, якія прад'яўляюць высокія патрабаванні да працы экіпажаў.
Усяго на старт "Славянскага кубка" выйшлі 55 экіпажаў з Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. Беларусь прадстаўляюць 15 экіпажаў, у тым ліку каманда ў складзе Анатоля Шумакоўскага і Ігара Макарчука - яны ўдзельнічаюць у міжнароднай частцы спаборніцтваў. Астатнія паспрабуюць свае сілы ў нацыянальных класах. Акрамя таго, у складзе адной з расійскіх каманд гоншчыкі са Швецыі Патрык Флодзін і Эміль Аксельсан, якія з'яўляюцца дзеючымі чэмпіёнамі Расіі.
Агульная працягласць маршруту складае 385 км, з іх заліковая частка - больш за 200 км, хуткасныя спецучасткі (з трамплінамі і віражамі) дасягаюць 155 км. Заліковая частка маршруту складаецца з чатырох секцый, у кожнай з якіх прадугледжана па тры спецучасткі. Сёння ўдзельнікі пераадолеюць дзве секцыі працягласцю 104 км (з іх спецучасткі складуць каля 75 км). Астатнія дзве секцыі (98 км) трэба будзе праехаць 22 мая. На самых цікавых адрэзках трасы абсталяваны месцы для гледачоў. Старт і фініш спаборніцтваў арганізаваны ў самім райцэнтры і прыцягнулі вялікую колькасць гледачоў.-0-
БЕЛТА
Беларусь на ралі "Славянскі кубак" у Браславе прадстаўлена 15 экіпажамі
21.05.20100 просмотров