29 жніўня, Слуцк /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе прыцягнуць інвестара для будаўніцтва новага цукровага завода ў Магілёўскай вобласці. Пра гэта заявіў журналістам прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сёння кіраўнік урада наведаў Слуцкі цукроварафінадны камбінат, дзе правёў нараду па пытаннях гатоўнасці сельгасарганізацый да ўборкі цукровых буракоў і перапрацоўкі гэтай культуры на цукровых заводах. Прэм'ер-міністр адзначыў, што за апошні час у выніку праведзенай рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчыя магутнасці на цукровых заводах прыраслі на 1 тыс.т. Аднак гэтага недастаткова. "Нам трэба выйсці на аб'ёмы пад 50 тыс.т перапрацоўкі цукровых буракоў у суткі. Тады можна было б гаварыць аб аптымізацыі тэрмінаў перапрацоўкі буракоў", - сказаў ён. У сувязі з гэтым разглядаюцца пытанні рэканструкцыі і пашырэння вытворчых магутнасцей на цукровых заводах. Адначасова вядзецца праца па прыцягненні інвестара для будаўніцтва новага цукровага завода ў Магілёўскай вобласці. Як паведамілі ў канцэрне "Белдзяржхарчпрам", у 2015 годзе ў Беларусі плануецца вырабіць 720 тыс.т белага цукру, што дазволіць не толькі задаволіць унутраныя патрэбы ў гэтай прадукцыі, але і ўмацаваць экспартны патэнцыял. У цукровай галіне рэалізуюцца праекты па стварэнні новых вытворчасцей. Так, на Гарадзейскім цукровым камбінаце праводзяцца работы па павелічэнні выпуску сухога грануляванага жому. Скідзельскі цукровы камбінат рэалізуе праект па павелічэнні магутнасцей вытворчасці цытрынавай кіслаты. Плануецца стварэнне біятэхналагічнага комплексу па вытворчасці хлебапякарных дрожджаў пры Слуцкім цукроварафінадным камбінаце.

БЕЛТА