22 мая, Гродна /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка станоўча ацэньвае вынікі завершанай кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26-га склікання. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе з актывам Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Яна была максімальна адкрытай, дэмакратычнай, празрыстай. У Гродзенскай вобласці выбары таксама ў цэлым прайшлі спакойна і годна", - сказаў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы пры гэтым, што людзі чакаюць эфектыўнай працы і аддачы ад сваіх абраннікаў. Па словах кіраўніка дзяржавы, выбары ў чарговы раз прадэманстравалі, што "пустасловам і гультаям не месца сярод дэпутатаў". Людзі прагаласавалі за тых, хто кіруецца не асабістымі амбіцыямі або прыватнымі палітычнымі інтарэсамі, а патрэбамі сваіх выбаршчыкаў. Галоўная задача мясцовых саветаў складаецца ва ўмелай і пастаяннай працы з людзьмі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Неабходна адсочваць сітуацыю, аператыўна аказваць дзейсную дапамогу людзям у вырашэнні іх прафесійных, сацыяльных і побытавых праблем. Акрамя таго, перакананы Прэзідэнт, шмат у чым поспех мясцовых саветаў дэпутатаў усіх узроўняў залежыць ад таго, наколькі прадуктыўным і змястоўным будзе іх узаемадзеянне з усімі галінамі ўлады, грамадскімі аб'яднаннямі і працоўнымі калектывамі. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў рашучай працы ад саветаў па абароне правоў і законных інтарэсаў людзей. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы прапанаваў, калі спатрэбіцца або ўзнікнуць праблемы, выходзіць з гэтымі пытаннямі наўпрост на яго. "Па пустым не звяртайцеся, але калі вы бачыце, што лёс і правы чалавека пачынаюць крышыць - звяртайцеся, гэта ваша справа. Вы павінны перш за ўсё гэтым займацца", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.-0-

БЕЛТА