22 мая, Гродна /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Забеспячэнне якасці жыцця грамадзян і выкананне ўсіх сацыяльных стандартаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў першачарговай задачай. Пра гэта ён заявіў сёння на нарадзе з актывам Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Прэзідэнта, дасягнутыя станоўчыя вынікі неабходна замацоўваць і рухацца далей. Пры гэтым асаблівую ўвагу патрабуецца надаць праблемам і недапрацоўкам, якія перашкаджаюць людзям жыць больш годна. Адным з трывожных сігналаў у гэтым плане кіраўнік дзяржавы назваў значны рост колькасці зваротаў жыхароў рэгіёну, недапрацоўкі ў сацыяльнай сферы, бюракратызм і цяганіну пры разглядзе многіх пытанняў. "Таму ў вобласці ў першую чаргу павінна быць забяспечана выкананне ўсіх сацыяльных стандартаў для жыхароў горада і вёскі", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы папрасіў звярнуць асаблівую ўвагу на такі дзяржаўны прыярытэт, як будаўніцтва жылля. У пацвярджэнне ён прывёў дадзеныя сацыялагічных апытанняў, праведзеных у канцы 2009 года, якія сведчаць, што гэтая праблема застаецца вострай для жыхароў рэгіёну. Калі ў цэлым па краіне яна хвалюе каля 30% апытаных, то ў Гродзенскай вобласці дасягае амаль 40%. "Мы павінны зрабіць усё, што датычыцца патрэбы простых людзей, і ў першую чаргу будзем арыентавацца на іх", - адзначыў Прэзідэнт. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адначасова нельга культываваць утриманства, маўляў, калі Прэзідэнт сказаў, то бярыце і рабіце мне. "Чалавек павінен сам за сябе адказваць, прывесці ў парадак сваю сядзібу, дом", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт запатрабаваў, каб на месцах нармальна ставіліся да людзей, не спараджаючы пры гэтым утриманства. "Таму што ў нас у вёсцы, ды і ў гарадах, гэта сустракаецца паўсюдна. Выйсці і падмяць вуліцу ў Мінску ці нейкую клумбу перакапаць - ну толькі калі на суботніку", - адзначыў ён, прапанаваўшы вяртаць некаторыя добрыя традыцыі, якія існавалі ў савецкія часы. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што, вядома, неабходна дапамагчы тым, хто з-за розных прычын не можа зрабіць усё сам.-0-

БЕЛТА